НЕ - ВАЙНЕ!
416

Таццяну Мацвееву выпусцілі з ІЧУ і будуць судзіць 9 жніўня

01.08.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Затрыманая 28 ліпеня віцебская журналістка Таццяна Мацвеева была вымушана правесці пад вартай 72 гадзіны — столькі часу трымаць чалавека да суда для высвятлення акалічнасцяў дазваляе беларускае заканадаўства. Таццяна Мацвеева выйшла на волю ўвечары 31 ліпеня з позвай у суд паводле арт. 24.23 КаАП — яе будуць судзіць за несанкцыянаванае пікетаванне.

Разгляд адміністрацыйнай справы прызначаны на 9 жніўня аб 11-ай гадзіне ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска. Пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне склалі за аватарку ў Facebook, якая была аздобленая малюнкам «апазіцыйнага зместу» — так вырашылі міліцыянты.

Сябры і калегі меркавалі, што судзіць журналістку будуць 29 ліпеня, аднак суду не адбылося. Таццяну трымалі за кратамі роўна трое сутак, пра яе вызваленне паведаміў у сацсетках муж затрыманай, Ігар Мацвееў.

Ён распавёў і пра падрабязнасці затрымання, бо быў сведкам: Таццяна і Ігар разам вярталіся з камандзіроўкі, калі ёй патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што «трэба паразмаўляць».

Таццяну затрымалі адразу ж на віцебскім чыгуначным вакзале і павезлі дахаты, дзе правялі ператрус. У выніку міліцыянты забралі некалькі кніг, паштовак, флэшку, а галоўнае — два тэлефоны і камп’ютар, пакінуўшы журналістку без прыладаў працы.

Ранкам 1 жніўня Таццяна Матвеева праз Facebook звярнулася да сяброў з просьбай даць камп’ютар ці ноўтбук у часовае карыстанне. Першыя водгукі на свой зварот яна ўжо атрымала.

Цікаўнасць сілавікоў да сваёй асобы журналістка адчула месяц таму, калі з ёй праводзілі доўгую «прафілактычную» гутарку ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Паводле слоў самой Таццяны, міліцыянтаў найбольш цікавіла, ці не працягвае яна супрацоўнічаць з вядомым беларускім інтэрнэт-парталам, зачыненым у траўні 2021 года, а 14 чэвеня 2022 года абвешчаным «экстрэмісцкай арганізацыяй». Таццяна Мацвеева патлумачыла, што звольнілася адразу пасля закрыцця і цяпер працуе для некалькіх іншых СМІ на цалкам законных падставах.

Яна адзначае, што яшчэ тады яе крыху збянтэжыла апошняя фраза міліцыянта, які з ёй размаўляў. На развітанне ён сказаў журналістцы: «До скорых встреч».

Чытайце яшчэ: 

“Мастачка зрабіла сто партрэтаў за чатыры месяцы”. Заснавальніца праекта “Палітвязынка” расказала, як яго стваралі

Журналістка Ірына Новік: "Апошнім часам узаемадзеянне дзяржавы са СМІ ідзе выключна праз рэакцыю кантралюючых і сілавых структур"

В Беларуси практически убита независимая журналистика. Четверть века назад все было иначе, а штрафы получало даже БТ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!