НЕ - ВАЙНЕ!
385

У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду. Ён адмовіўся зняць медальён з “Пагоняй”

26.08.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Барыс Хамайда 25 жніўня прыйшоў у суд, каб падтрымаць журналістку Таццяну Мацвееву, якую судзілі па абвінавачанні ў несанкцыянаваным пікетаванні.

Медальён з гербам “Пагоня” на чырвонай стужцы распаўсюднік незалежнай прэсы і найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда носіць штодзень. Раней у міліцыі не было прэтэнзій да знешняга выгляду спадара Барыса, таму для яго было цалкам нечаканым, што ў судзе Кастрычніцкага раёна “Пагоню” загадалі зняць.

Каля паста дзяжурнага Барыса Хамайду спыніў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Уладзіслаў Шышкавец — той самы, што склаў адміністрацыйны пратакол на журналістку.

Міліцыянт запатрабаваў, каб Хамайда зняў медальён, той адмовіўся і спрабаваў патлумачыць міліцыянту, што носіць яго штодня. А галоўнае — што выява “Пагоні” не з’яўляецца забароненай, і яна ёсць нават на гербе Віцебскай вобласці. Адно што там яна – на зялёным фоне, а ў Барыса Хамайды — на чырвоным.

Уладзіслаў Шышкавец выклікаў службовую машыну, і актывіста павезлі ў пастарунак.

Прысутныя на судзе па справе Таццяны Мацвеевай прыгадалі, што на пачатку мінулага пасяджэння Барыс Хамайда не падняўся з лаўкі ў той момант, калі зайшоў суддзя. У адказ на пытанне, чаму ён не ўстае, 74-гадовы апазіцыянер сказаў, што яму баляць ногі. Тыя, хто быў побач, дапамаглі сталаму чалавеку падняцца, і інцыдэнт быў вычарпаны. Але яго, магчыма, запомніў міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец. Верагодна, ён чакаў з’яўлення Хамайды на наступным пасяджэнні, і медальён з “Пагоняй” стаўся нагодай для затрымання.

Сябры чакалі, што Барыса Хамайду адпусцяць з пастарунка, бо затрыманне за медальён шмат каму падалося беспадстаўным. Але ўвечары на волю актывіст так і не выйшаў.

Ягоны мабільны тэлефон адключаны. Атрымаць нейкую інфармацыю пра спадара Хамайду праблематычна: ён не мае сям’і, а паведамляць нешта староннім людзям у міліцыі адмаўляюцца. Верагодна, што ўжо заўтра Барыса Ханонавіча будуць судзіць, але што яму ставяць у віну, пакуль невядома.

Чытайце яшчэ:

У Віцебску журналістку Таццяну Мацвееву пакаралі арыштам на восем сутак

Андрэй Пачобут: "Я не маю ніякіх ілюзій наконт прысуду"

Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна: "Збіраюся з сіламі для таго, каб ісці далей"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!