НЕ - ВАЙНЕ!
303

Прысуд па "справе БелаПАН" будзе вынесены 6 кастрычніка

03.10.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

28 верасня і 3 кастрычніка на працэсе адбыліся спрэчкі бакоў.

3 кастрычніка Мінскі абласны суд пасля чарговай паўзы прыступіў да разбіральніцтва з удзелам фігурантаў справы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Працягваюцца спрэчкі бакоў, пачатыя ў апошнія дні верасня. Пры гэтым звестак з судовай залы бракуе — усё адбываецца ў закрытым рэжыме, ад адвакатаў запатрабавалі падпіскі аб неразгалошванні.    

Працэс пачаўся 6 чэрвеня, а ўжо праз тры тыдні суддзя Вячаслаў Тулейка абвясціў перапынак у сувязі з “правядзеннем экспертызы” — яе сутнасць публічна не агучылі дагэтуль. Пасяджэнне мусіла аднавіцца 12 верасня, але з розных прычын некалькі разоў пераносілася. Нарэшце пачаліся спрэчкі бакоў. 

На лаве падсудных — галоўная рэдактарка недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына (апошні раз меру стрымання пад вартай ёй працягнулі да 28 верасня і больш абнаўленняў на гэтым не было), колішні генеральны дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў, а таксама экс-намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў і дыпламаваны сацыёлаг Ірына Злобіна, якія нядаўна пабраліся шлюбам у СІЗА №1 Мінска. Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі сінхронна летась 18 жніўня, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ад 12 студзеня 2021 года. 

Лёс падсудных залежыць ад суддзі Вячаслава Тулейкі, на сумленні якога суровыя палітызаваныя вердыкты. Напрыклад,  анархістам ёнвыносіў самыя суровыя выракі — да 20 гадоў пазбаўлення волі. 

Што да справы палітвязняў-белапанаўцаў, то яны пераплятаюцца ў самых розных варыяцыях. Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэнні і дзейнасці “экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі нашмат раней за рашэнне Камітэта дзяржбяспекі ад 1 лістапада 2021 года прызнаць інфармагенцтва “экстрэмісцкім фармаваннем”.  

“Стварэнне з ліку работнікаў ЗАТ “БелаПАН” і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць у выглядзе стварэння і размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсах агенцтва матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіравання такім фармаваннем”.

Акрамя таго, Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну падводзяць пад арт. 293 Крымінальнага кодэкса — “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі адміністрацыйныя штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). Калі журналісты ўжо знаходзіліся за кратамі, ім дадалі артыкул  “здрада дзяржаве” паводле ч. 1 арт. 356 КК. 

“Аказанне дапамогі арганізацыі “БАЙХЭЛП” і яе прадстаўнікам у дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.  Падрыхтоўка не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам аплаты штрафаў, рахункаў за харчаванне ў месцах адбывання арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у працэсах”.

Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер у тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіць як падазраваны ў нявыплаце падаткаў у эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій.

“Ухіленне ад выплаты ЗАТ “БелаПАН” падаткаў пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за 2015–2020 гады і падаходнага падатку з  фізічных асоб за люты 2015 — красавік 2021 шляхам наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення ў падатковыя дэкларацыі заведама ілжывых звестак, што пацягнула прычыненне дзяржаве шкоды каля 450 тысяч рублёў”.

Усіх фігурантаў справы БелаПАН праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Падчас судовага працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі на сёння 30 прадстаўнікоў СМІ.

Чытайце яшчэ: 

"Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у дзейнасці". "Вясне" уручылі прэмію The Albie Awards 2022

Все киоски «Союзпечати» в Бобруйске закрылись на замок

Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!