НЕ - ВАЙНЕ!
147

«Статус экстрэміста літаральна трымае мяне звязаным»: фотапраект «Звязаная нацыя»

22.09.2022 Крыніца: Маланка Медыя

«Маланка Медыя» и праваабарончы цэнтр «Вясна» зрабілі праект пра адчуванне беларусаў, дзе кожны чалавек абраў самы цяжкі для яго феномен беларускага жыцця і скаваў ім вобраз беларускай нацыі. Глядзіце, што атрымалася. 

«Свабода слова». Марыя (імя зменена), журналістка, актывістка

«Свабода — галоўнае у маім жыцці. Свабода слова, выбару, перасоўвання. Мне патрэбна ўсё гэта як паветра, і ў Беларусі яго не было. Я працую журналісткай і не магу працаваць добра і якасна, калі мне затыкаюць рот. Нельга нават нічога публікаваць у сацсеткі без таго, каб не цябе нешта не звалілася зверху. Некалькі месяцаў назад мяне не бралі на працу ў дзяржаўнае медыя з-за пратэстных рэпостаў: «Нам такія не патрэбны».

Свабода — тое, што баліць. Тое, з-за чаго я з’ехала з Беларусі. Каб зразумець, што я магу адчуваць сябе вольна».

«Палітвязні». Святлана, рэжысерка, сцэнарыстка

«Гэтая тэма мне баліць, таму што кожны новы дзень на Радзіме пачынаецца з арыштаў людзей па палітычных матывах. Кожны дзень! Чытаючы такія навіны, зноў і зноў адчуваеш сябе бездапаможным. І гэты брыдка. Таму я імкнуся рабіць штосьці на карысць палітвязняў і іх сем’яў. Так, праз творчасць я распавядаю пра палітвязняў, калі ёсць магчымасць — даначу. І заклікаю ўсіх сваіх беларускіх падпісантаў праз сацсеткі рабіць тое самае альбо прыдумаць сваю падтрымку».

«Рэпрэсіі». Віталь, фатограф, актывіст

«Гэта фундамент любой дыктатуры. Менавіта ад рэпрэсій бярэ пачатак страх, які знішчае моц Беларусаў, страх, які блакуе ўнутраннае жаданне супраціўляцца, страх, які знішчае будучыню Беларусі. Рэпрэсіі, гэта тое, што я бачыў і бачу у Беларусі сёння, і што нікому не жадаю перажыць…»

«Сваякі-сябры». Алег (імя зменена), актывіст

«Я абраў гэтыя словы, таму што кожны дзень перажываю за родных, якія знаходзяцца ў беззаконні і бязмежжы, што сыходзіць з боку ўлады. Я сумую ад таго, што не магу забраць іх з сабой, але ўсе людзі дарослыя і самі вырашаюць, дзе ім быць. Я паважаю іх рашэнне і працягваю жыць і тварыць, як бы часам нi было цяжка ад негатыўных і сумных думак.

Калі-небудзь і ў Беларусі будзе ўсё добра, спадзяюся на нашым вяку, і не трэба будзе нікога нікуды вывозіць і забіраць».

«Экстрэмізм». Аляксей, журналіст, палітычны эмігрант

«У беларускіх абставінах слова стала аксюмаранам, і гэта зводзіць мяне з розуму. Дзяржава называе “экстрэмістамі” адданых патрыётаў, і гэта, на маю думку, самы яскравы прыклад падмены паняццяў у акупаванай Беларусі. Я і сам для гэтых уладаў экстрыміст, і мне вельмі балюча, што маю дзейнасць на карысць Радзімы і подзвігі іншых беларусаў запэцкваюць чорнай фарбай. Я не магу вярнуцца дадому, пакуль не пазбаўлюся статуса “экстрыміста”, таму гэтае слова літаральна трымае мяне звязаным».

«Ідэнтычнасць». Данііл Касенка, былы палітвязень

«Я адчуў сябе часткай грамадства ў 2020-ым годзе, як ніколі раней. У мяне з’явілася глыбокая цікавасць і любоў да культуры, да нашых людзей, асабліва да тых, што стаялі побач на пратэстах. Я адчуў сябе беларусам, часткай калектыву, які нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца навокал.

На кантрасце з Літвой, у якой насельніцтва ў пяць разоў меншае, а большасць літоўцаў размаўляюць на літоўскай, хочацца размаўляць на беларускай і абазначаць сябе нашым бчб-сцягам. Мы таксама будзем вольныя і захаваем сваю культуру».

Фота: Антон Туркоў. Ідэя: Дзіана Пінчук, Антон Туркоў

Чытайце яшчэ: 

Нечакана выйшаў на волю журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч

«Мастакі і дызайнеры нейкі час працавалі з бомбасховішчаў»: як станавілася на крылле медыя «Сойка»

Больш за 400 дзён за кратамі. Фігурантаў справы БелаПАН вярнулі ў суд

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!