НЕ - ВАЙНЕ!
487

Многія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца

25.08.2022 Крыніца: Наша Ніва

Днямі стала вядома, што папулярны кітайскі VPN збіраў даныя карыстальнікаў. Расказваем, як не трапіць у такую пастку і пачувацца ў бяспецы.

Якіх VPN дакладна варта пазбягаць

Мы звярнуліся з гэтым пытаннем да ініцыятывы CyberBeaver, і яны найперш раяць набываць платны VPN. Час ад часу сэрвісы робяць зніжкі, і VPN можна купіць за невялікую суму на цэлы год ці нават некалькі гадоў.

Агулам правіла такое: бясплатны сыр часцей за ўсё ў пастцы. Не пампуйце праграмы для абыходу цэнзуры ці VPN-сэрвісы, пра якія нічога не вядома і якія не рэкамендавалі рэсурсы, якім вы давяраеце.

Хоць апошняя ўцечка датычылася VPN-праграмы з назвай Airplane Accelerates, але, прадказальна, яна такая не адна. У спіс катэгарычна забароненых да выкарыстання патрапілі: UFO VPN, FAST VPN, Free VPN, Super VPN, Flash VPN, Secure VPN, Rabbit VPN (усе іх робіць адна і тая ж кампанія Dreamfii)Hoxx, GeckoVPN, ChatVPN, BeanVPN і iNinja.

Яны захоўваюць карыстальніцкія даныя, а ў некаторых выпадках нават дзеляцца імі з іншымі арганізацыямі, што ставіць пад пагрозу канфідэнцыйнасць і, такім чынам, робіць супрацьлеглае таму, што павінен рабіць добры VPN.

Hoxx, да прыкладу, збірае звесткі карыстальнікаў і пакідае за сабой права перадаваць іх урадам па сваім меркаванні. iNinja вядзе ўлік часовых пазнак сваіх карыстальнікаў, асабістай інфармацыі і анлайн-актыўнасці.

Dreamfii, які быў узламаны раней у гэтым годзе, захоўвае журналы падлучэнняў і іншыя звесткі для адсочвання і ідэнтыфікацыі сваіх карыстальнікаў. Гэта была найбольшая ўцечка ў гэтым годзе і закранула больш за 20 мільёнаў чалавек.

Даследчая група Cybernews таксама нядаўна выявіла, што BeanVPN пакінуў агульнадаступнымі 25 мільёнаў запісаў карыстальніцкіх звестах, уключаючы IP-адрасы і выкарыстаныя прылады.

Ёсць і менш небяспечная форма збору звестак карыстальнікаў — калі вы «плаціце» рэкламай за тое, каб VPN быў бясплатны. Па-першае, такія VPN збіраюць гэтыя даныя, а па-другое, могуць даволі агрэсіўна падсоўваць вам розную дадатковую рэкламу, нават унутры браўзера (VPN можа падмяняць незашыфраваны рэкламны трафік).

Вось спіс найбольш папулярных сэрвісаў, якія пакідаюць за сабой права збіраць і выкарыстоўваць вашы звесткі:

  • Hola,

  • Betternet,

  • Opera VPN,

  • HotSpot Shield,

  • Psiphon,

  • Onavo Protect,

  • ZPN,

  • FinchVPN,

  • TouchVPN.

Большасць з іх выкарыстоўвае або толькі звесткі для рэкламы, як Psiphon (які лічыцца даволі надзейным), або, як Hola, выкарыстоўвае вашу прыладу як адзін з вузлоў сваёй сеткі. Таксама сярод ненадзейных называецца IPVanish, які базуецца ў ЗША і заўважаны ў «зліве» звестак сілавым структурам ЗША.

Малаімаверна, што яны перададуць нейкую інфармацыю сілавікам у Беларусі, але лепш быць з імі асцярожнымі.

Дык як выбраць VPN?

Пытанне выбару ў тым, давяраеце вы нейкай кампаніі ці сэрвісу, або не. Пры выбары і ўсталяванні VPN ініцыятыва CyberBeaver рэкамендуе:

  • правяраць распрацоўшчыкаў: хто робіць, чым яшчэ займаецца, якая матывацыя, якая юрысдыкцыя, ці ёсць ужо неадназначныя гісторыі аб працы сэрвісу;

  • спампаваць VPN з афіцыйнай крыніцы ад афіцыйных распрацоўшчыкаў;

  • выбіраць тыя, якія маюць адкрыты код праграмаў на github: адкрытасць кода сведчыць пра празрыстасць працы сэрвісу і гатоўнасць дзяліцца працоўнымі працэсамі;

  • банальна глядзець на папулярнасць сэрвісу і чытаць водгукі.

Для выбару платнага VPN можна абапірацца або на падборку ад беларускіх праваабаронцаў з Human Constanta, або на сэрвіс ад праваабарончай арганізацыі «Роскамсвабода». Цікавую падборку зрабіла таксама ініцыятыва Bynet — агляд VPN, якія маюць серверы ў Беларусі.

Таксама ёсць вось гэты рэсурс, на якім розныя VPN адказвалі на пытанні пра тое, якім чынам яны збіраюць і аналізуюць звесткі карыстальнікаў. Вось гэты сайт параўноўвае тое, колькі і якіх звестак збіраюць пра вас розныя VPN-сервісы. А яшчэ ёсць бот у тэлеграме, які дазваляе праверыць VPN па назве (і спраўдзіць, ці не заблакаваны ён у Расіі і Беларусі). А вось тут ёсць спіс з цэлых 190 розных сэрвісаў, якія параўналі па розных параметрах (ёсць і бясплатныя ці з пробныя перыядам), праўда, адноўлены ён у 2019 годзе.

Але ёсць жа надзейныя бясплатныя VPN?

Так, але іх можна пералічыць па пальцах. Proton VPN — сэрвіс ад швейцарскай кампаніі, якая робіць бяспечную пошту ProtonMail. Яны хіба адзіныя, каго рэкамендуюць усе, бо трафік там не абмежаваны, хоць працуе ён не вельмі хутка, а кампанія клапоціцца пра рэпутацыю.

Некаторыя VPN прапануюць абмежаваную колькасць трафіку. Да прыкладу, правераны сервіс Tunnel Bear дае ўсяго 500 мегабайт на месяц, а Windscribe, які таксама не заўважаны ў «злівах», — 10 гігабайт.

Пра Psiphon мы запыталіся ў ініцыятывы CyberBeaver і вось, што яны адказалі: «Psiphon — гэта канадская НДА. Аднак у Psiphon ёсць некалькі рэжымаў працы: як VPN і як проксі. І вось у некаторых з рэжымаў правайдар можа бачыць запыты карыстальнікаў па пошуку сайтаў. Хоць у любым выпадку гэта выдатны спосаб абыходу цэнзуры».

Заўважым, што Psiphon, хоць і мае бясплатную версію, але пры гэтым зарабляе на рэкламе, уваходзячы ў некалькі рэкламных сетак адначасова. Пры гэтым сэрвіс не захоўвае IP-адрасы (толькі прыкладную лакалізацыю) і таксама клапоціцца пра рэпутацыю, таму яго можна рэкамендаваць для абыходу цэнзуры, а не для сапраўды бяспечнага доступу ў інтэрнэт.

Таксама вы можаце павыбіраць са згаданага вышэй спісу (у графе Pricing ёсць інфармацыя пра бясплатнасць ці наяўнасць пробнага перыяду), але мы б не раілі карыстацца сэрвісам, пра які вы нічога не ведаеце і які не надта «гугліцца».

Найлепш усё ж заплаціць за добры платны VPN, у якім вы будзеце ўпэўненыя.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!