НЕ - ВАЙНЕ!
351

Чым насамрэч небяспечны песімізм?

01.09.2022 Крыніца: Budzma.by

Алесь Тодараў на budzma.org разважае над тым, як песімізм уплывае на чалавека і чым для яго небяспечны.

Пэўна, варта пачаць з таго, што ж такое гэты песімізм. Паводле самых вядомых і агульнапрынятых вызначэнняў, песімізм — гэта цвёрдая ўстаноўка на негатыўныя аспекты жыцця.

Прасцей кажучы, «сярэдні» песіміст не бачыць ніякага сэнсу ў сваім існаванні, не адчувае поспеху ў сваіх дзеяннях, свет не дае яму падстаў для шчасця і радасці. Такое стаўленне да наваколля не дадае аптымізму, але нааадварот — істотна змяншае якасць жыцця і можа спрыяць развіццю дэпрэсіі. Гаворка, натуральна, пра дыягнаставаную медыкамі хваробу, але не пра кепскі настрой зранку.

Даволі цікавы факт: песімісты сваім зацятым адмоўным стаўленнем да жыцця перашкаджаюць выпрацоўцы эндарфінаў у арганізме, што наўпрост пагаршае самаадчуванне і аслабляе іхны імунітэт. Прасцей кажучы, песімісты самі сябе забіваюць. Многія з іх яшчэ і хранічныя іпахондрыкі, то бок людзі, якія ўвесь час хварэюць без рэальных на тое падставаў.

Часта адбываецца пэўная блытаніна, калі памылкова лічаць, што песіміст і рэаліст — гэта тоесныя паняткі. Насамрэч — не. У песіміста і рэаліста абсалютна рознае бачанне жыцця. Рэаліст — гэта, як правіла чалавек, які «жыве, як жывецца». Ён не надта пераймаецца ад таго, што адбываецца вакол, часцяком абыякавы да рэчаў, якія не датыаць яго наўпрост. Ён не дазваляе сваім эмоцыям ці жаданням крытычна паўплываць на сітуацыю. Песіміст жа будзе наракаць на глабальнае пацяпленне, сусветны голад і іншыя праблемы чалавецтва, бачачы ў іх пагрозу персанальна для сябе тут і цяпер.

Памятаеце знакаміты прыклад аб шклянцы з вадою, якая напоўнена ёй толькі да палавіны? Песіміст лічыць яе напалову пустой, аптыміст напалову поўнай, а рэаліст проста бачыць шлянку з вадой. І без лішніх развагаў вып’е яе, калі захоча спатоліць смагу. Гэта не добра і не дрэнна, але так ёсць. І рэалісты, у адрозненне ад песімістаў, жывуць значна даўжэй.

Што трэба рабіць, каб перастаць быць песімістам:

— Спыніць унутраныя негатыўныя дыялогі з сабой,

— Перастаць параўноваць сябе з іншымі,

— Кінуць марнаваць час у сацсетках,

— Перастаць злавацца на самога сябе,

— Парваць з таксічнымі людзьмі.

Самае проста, з чаго можна пачаць ужо сёння — не зацыклівацца на думках аб дрэнным.

Паразважайце над тым, што ў вашым жыцці было добрага і якіх поспехаў на сваім шляху дамагліся непасрэдна вы. Спрабуйце скіраваць вашыя думкі ў пазітыўным напрамку.

Плануйце на кожны дзень як мага больш спраў, хай сабе і невялікіх і абсалютна неглабальных, увасабленне якіх магло б прынесці вам і навакольным задавальненне.

Імкніцеся да таго, каб у вас заўжды быў час схадзіць у тэатр, наведаць выставу або пачытаць добрую кнігу.

Хадзіце на дні нараджэння сяброў і сваякоў, размаўляйце — і вы ўбачыце, што дрэнныя думкі самі пакінуць вас. Хаця б на некаторы час...

Як пазбавіцца ад песімізму?

Усвядомленасць

Трэба быць пільнымі адносна эмоцый, якія вы адчуваеце і станаў, у якіх знаходзіцеся. Спрабуйце цалкам кантраляваць сваё жыццё і як мага меней залежаць ад іншых. Імкніцеся да самастойнасці.

Рэфрэйм

Памятайце, што пераважная большасць негатыўных думак не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Гэта проста нашае стаўленне да таго, што адбываецца навокал.

Замена

Вы можаце доўга знаходзіцца ў прыгнечаным стане, але калі факусавацца на пазітыўных думках, яны рана ці позна пранікнуць у падсвядомасць і праз нейкі час ваш настрой адназначна палепшыцца.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!