НЕ - ВАЙНЕ!
353

Кацярына Ваданосава: «Па выніку я магу сказаць, што я — супержанчына!»

30.09.2022 Крыніца: Budzma.org: Алесь Кіркевіч

Чым зараз жыве спявачка і вядучая Кацярына Ваданосава? Як змагаецца з ракам і пераносіць «хімію»? Дзе бярэ сілы? На каго разлічаны яе новы відэапраект «Трызуб і Пагоня» ды — які фідбэк ужо атрымала вядучая?

Кацярына жыве з мужам і двума дзецьмі ў Беластоку. Кажа, што не хавае сваёй сталай лакацыі, бо «ўсе губазікі і так ужо ведаюць». Здымаецца ў праграме «Хай Так» для «Б*сату» ды вядзе гісторыка-папулярны серыял «Трызуб і Пагоня» ад кампаніі «Будзьма!». З-за раку Кацярына перажыла дзве аперацыі. Праходзіць курс хіміятэрапіі ды радыкальна змяніла імідж: развіталася з раскошнымі рудымі валасамі.

Дамо слова нашай гераіні.

Раней «у бездны мрачной на краю» добра пісалася. Зараз — не

— Цябе зараз можна ўбачыць у розных відэапраектах. А што з музыкай?

— Зараз хутчэй хатнія экзэрсісы, бо ў Беластоку не маю свайго гурта. Праект, які рабілі ўдвох з гітарыстам, таксама на паўзе, бо ён у Варшаве. Здаецца, зусім блізка, але ў маім сённяшнім стане асабліва не наездзішся. Збіраю ідэі, напрацоўкі, засвойваю электронную музыку, каб рабіць сабе плэйбэкі. Пакуль так.

— Якое месца музыкі сярод навакольных праблем: і глабальных, і Тваіх асабістых?

— Мне радасна, калі клічуць некуды граць, спяваць. Дае палёгку. Іншая справа, што зараз асабліва не клічуць. Кажу: «Я лысая і буду такой да канца зімы», а яны тушуюцца, разгублена гавораць, што ператэлефануюць калі-небудзь... Выконваць музыку я магу. А вось з напісаннем — затык.

Раней я лічыла сябе чалавекам, які стварае нешта акурат у моманты «трындзеца». Калі нешта страшнае адбываецца. Як Пушкін пісаў: «...есть упоение в бою, у бездны мрачной на краю». Вось мне каля гэтай змрочнай бездані на краі раней добра пісалася. А зараз гэтая бездань такая вялікая, што я не ведаю, як пералапачваць усё гэта ў вершы і музыку. Не магу пакуль сублімаваць.

— Што большы наркотык: аўдыторыя на ТБ ці Ютубе або — жывая на канцэрце?

— Канечне, жывая! Гэта ж нельга перадаць нават. Пасля любога канцэрту прыходжу дадому і не магу спаць. Не перад канцэртам, з-за хвалявання, а акурат пасля. Бо адчуваю сябе адначасна і выціснутай, і напоўненай неймаверна. Супярэчлівыя вельмі адчуванні. Нібы здаеш важны экзамен і здаеш — на 10-ку!

Тое, што я працую, патрэбна найперш мне

— Што ў Тваім жыцці найбольш змянілася пасля раку?

— Галоўная карэктыва — гэта тое, што мой час мне не належыць. Зараз праходжу хіміятэрапію. Думала на пачатку: навошта перапынкі паміж сеансамі ў тры тыдні? Амаль месяц! Аказалася, так трэба. Пасля першай хіміі думала, што паміраю: панічныя атакі, галюцынацыі, чаго толькі не было... Будзе чарговая хімія: чаго чакаць? Як арганізм адрэагуе?

Яшчэ я прывязаная да месца: не магу нікуды з’ехаць. Адмаўляюся ад працоўных прапановаў, выступаў у той самай Літве, бо мая прывязка — Беластоцкі цэнтр анкалогіі. А пасля хіміі будзе апраменьванне — радыётэрапія. Невядома, як надоўга ўсё гэта, паглядзім.

— Як даеш рады спалучаць працу са станам здароўя? Дзе бярэш сілы?

— Калі не буду працаваць, будзе цяжкая фінансавая сітуацыя (усміхаецца). Таму бяруся за шматлікія праекты. Гэта рэальна дапамагае: калі б сядзела дома, шкадавала сябе і гладзіла па лысай галаве — было б значна горш. А так адчуваю сябе патрэбнай, не маю права кіснуць. Тое, што я працую, патрэбна найперш мне. З гэтага і бяру сілы. Таму, думаю, усё да лепшага.

«Украінцы вераць у тое, што кажуць. Гэта надае ім моцы»

— Перад Польшчай ты жыла ва Украіне, так?

— На пачатку з Беларусі мы з’ехалі ў Літву. Там пражылі паўтара месяцы. Ва Украіну мяне паклікалі працаваць: спачатку лятала туды-сюды па працы. Пазней пераехалі ўсёй сям’ёй, дзеці (дачцэ 11, сыну 8) пайшлі ў школу ўкраінскую. Там спрабавалі ўладкаваць жыццё, капіць грошы, але тыя рахункі заблакавалі пасля пачатку вайны.

— Не разблакавалі дагэтуль?

— Не. Увесь сямейны бюджэт на той момант там застаўся. Мы думалі машыну набыць, бо наша засталася ў Мінску, але — не лёс. Мэблю там куплялі, коўдры, посуд — усё засталося. Зараз калі ўзгадваю, дык не тое, каб з гумарам, але... гэта вельмі карысны досвед.

Прынамсі, па выніку я магу сказаць, што я — супержанчына. Памятаю, як мы ўзімку мяжу пераходзілі з дзецьмі ў чарзе з тысяч і тысяч такіх самых жанчын і дзяцей. Аказалася, што ў мяне ўнутры столькі моцы! Таму і рак стараюся ўспрымаць як нешта шараговае.

— Як прастуду?

— Ну так, амаль (смяецца).

— Чым украінцы адрозніваюцца ад беларусаў?

— Украінцы вельмі безапеляцыйныя, адкрытыя, не хаваюцца. Калі беларус сустракае чалавека з адрознымі ад ягоных поглядамі, то найчасцей спрабуе прыладзіцца, каб суразмоўцу і яму не было няёмка. А ўкраінец будзе «задвігаць» табе сваю пазіцыю. Едзеш з таксістам у Кіеве. Той чуе беларускую мову, кажа: «З Беларусі?». «Так». А далей — пачынае хваліць Лукашэнку, які ён класны. Кажаш яму: «Не, не класны...» А той не слухае і хваліць далей усю дарогу.

Украінцы сапраўды вераць у тое, што кажуць. І гэта надае ім значна больш сілы, чым нам. Мы ж схільныя лавіраваць, згладжваць вуглы... а яны вельмі настойлівыя, рашучыя, пасіянарныя. Усё гэта зараз вельмі добра бачна па тым, як яны ваююць.

— А ёсць нейкая суперякасць, якой украінцы маглі б павучыцца ў беларусаў?

— Мы — беларусы — заўсёды больш слухаем, чым гаворым. Магчыма, гэта таксама карысная якасць, калі сумяшчаць яе з уменнем гаварыць і крычаць.

«Трызуб і Пагоня» — нарэшце гэта пра тое, што люблю я!

— Сярод тваіх актуальных праектаў — гісторыка-папулярны серыял «Трызуб і Пагоня». Гэта праца для працы ці нешта большае?

— Калі сябры ў мяне раней пыталіся, ці бачыла я гэты ці іншы серыял, я заўсёды аднеквалася. Не гляджу я серыялы — толькі ролікі па гісторыі...

— А «Гульня тронаў»? «Вікінгі»?

— «Гульню...» я даглядзела да моманту, калі Ланістэру адрубілі руку. А з «Вікінгамі» мяне хапіла на паўтара сезоны. Соры, гістарычная адукацыя наўпрост не дазволіла далей глядзець. Я скончыла гістфак з чырвоным дыпломам, але ніколі не магла прыкласці некуды свае веды. Таму мне страшна падабаецца «Трызуб і Пагоня» — нарэшце гэта пра тое, што люблю я! Як бы пафасна не гучала, але на здымкі хаджу як на свята.

— Ці ўжо сутыкалася з фідбэкам на перадачу? Што кажуць?

— І станоўчы, і адмоўны фідбэк быў. Важна, што ў нас грамадства яшчэ не прызвычаілася, што гісторыю можна падаваць у навукова-папулярным ключы. Бо як звычайна? Сядае які-небудзь, не ў крыўду, заслужаны прафесар у гадах, слова якога — закон, і ніякага сумневу быць не можа, бо ступені і званні ззяюць, як німб... і расказвае. А калі нехта пачынае рабіць кантэнт, блізкі звычайнаму чалавеку, то сутыкаецца з крытыкай акурат з боку прафесійных навукоўцаў. І нават не таму, што недзе памылка, а таму, што пра гісторыю, маўляў, нельга так казаць — гэта прыніжае музу гісторыкаў Кліа і г. д.

Але, на мой погляд, трэба рабіць усё, каб людзі, якія ніколі ў жыцці не чулі пра Альгерда ці Мазепу, даведаліся хоць нешта і далей ужо шукалі інфармацыю самі. Каб ім захацелася праз простую, зразумелую і экспрэсіўную падачу палезці хаця б у Вікіпедыю. І калі так адбываецца — гэта найвялікшая ўзнагарода! Ад такіх людзей, якія ніколі не цікавіліся гісторыяй, я чую выключна станоўчы фідбэк.

Каментары пад сваімі праграмамі я ніколі не чытала і не чытаю. Мо’ часу шкада, не ведаю. Часам пішуць у асабістыя: і ўкраінцы, і беларусы. Цікава, што ўкраінцы падкрэсліваюць: так, мы асобныя незалежныя дзяржавы, але маем агульную гісторыю.

— Як беларусам і ўкраінцам наладжваць масты паміж сабой? Дзе ў гэтым месца культуры і гісторыі?

— У плане прымірэння нашых народаў у гісторыі, культуры і адукацыі найбольш шанцаў. Выкарыстанне ўсяго гэтага — адзіны шлях, які маем. Трэба адукоўвацца, шукаць тое, што яднае, распавядаць пра гэта. У тым ліку шукаць у мінуўшчыне і гэтую рэтраспектыву ўключаць у сучаснасць. Мы ніколі не былі адзіным народам, але былі роднаснымі. Усёй душой і сэрцам я з Украінай і веру, што яна пераможа!

Чытайце яшчэ: 

Найлепшай выпускніцай журфака прызналі дачку палкоўніка КДБ

«Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» — журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА

Саша Романова: "Что чувствуешь, когда лишают гражданства"

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!