НЕ - ВАЙНЕ!
351

«Казаў, што будзе апошнім, хто выключыць святло ў аэрапорце». 7 фактаў пра палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса

03.10.2022 Крыніца: Флагшток

«Ён інтэлектуал, ведае мовы, разбіраецца ў гісторыі, музыцы, краязнаўстве і не толькі. Ён на тры галавы вышэйшы за тых, хто схапіў яго і кінуў у турму», — калегі і сябры журналіста Яўгена Меркіса падзяліліся з Свабодай фактамі пра яго.

1. Падлеткам жыў у Нямеччыне і заявіў, што хоча вярнуцца ў Беларусь
У 90-я гады маці Яўгена з'ехала з ім жыць у Нямеччыну. Там яны пражылі чатыры гады. «Яму было 12 гадоў, маці спыталася — ці хоча ён застацца ў Нямеччыне, ці вярнуцца ў Беларусь. Ён без ваганняў сказаў, што хоча жыць у Беларусі. Яны пасля вярнуліся. Ён праходзіў стажы і курсы ў розных краінах. Але нідзе сябе не бачыў, апроч як у Беларусі. Пры нядаўняй сустрэчы перад арыштам ён казаў, што будзе апошнім, хто выключыць святло ў аэрапорце», — расказала Свабодзе адна з калегаў журналіста.

У дзяцінстве Яўген марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолагам, археолагам і прэзідэнтам. «Жыццё ў Нямеччыне ў дзяцінстве прымусіла рана задумацца: хто я, адкуль? Немец, рускі, беларус? Для чаго мы едзем у свет з радзімы, чаго шукаць? Адказы я, калі жыў у Нямеччыне і мне было 10 гадоў, шукаў ва ўспамінах Дзянікіна і іншых людзей, якім давялося жыць за межамі радзімы, якія знаходзіў у нямецкай бібліятэцы», — расказваў Яўген у інтэрв'ю «Нашай ніве».

Праз пошукі сябе ён зацікавіўся гісторыяй, якая прывяла яго да беларушчыны. Яўген скончыў гістфак БДУ.

Журналіст дасканала валодае нямецкай мовай і выдатна — ангельскай, заўсёды размаўляе па-беларуску.

2. Прадзед быў чырвоным латышскім стралком, тата гуляў у футбол з Лукашэнкам

Прадзед Меркіса паходзіў з літоўска-латышскага памежжа, быў чырвоным латышскім стралком. «У 30-я гады цудам пазбег рэпрэсій, ледзьве не заплаціў жыццём. Выратаваў яго адзіны здымак, дзе ён быў на фоне сцяга свайго палку. На радзіму ўжо не вярнуўся, асеў у Беларусі», — расказваў журналіст.

Ягоны тата са Шклова. «У 90-я была такая традыцыя — усе тамтэйшыя хлопцы і мужчыны збіраліся на выходных пагуляць у футбол, калі прыязджалі да бацькоў. Гуляў там актыўна і Аляксандр Лукашэнка», — расказваў Яўген.

Ён любіў гісторыю. Спачатку паступіў на гістарычны факультэт у Гомелі. «Але яму падалося, што там невысокі, правінцыйны ўзровень, і ён перавёўся ў БДУ», — казала калега журналіста.

3. «Напярэдадні фільмавання зламаў ключыцу, але мужна здымаўся некалькі гадзін, нягледзячы на боль»
Калегі Яўгена ведаюць, што ў яго выдатны музычны слых і ён «страшэнны меламан».

«Яшчэ студэнтам, адмаўляючы сабе ў неабходным, назбіраў 600 даляраў на электрагітару», — расказвае калега журналіста. Яўген і цяпер любіць пайграць і паспяваць, прычым часта па-ангельску.

У Гомелі ён удзельнічаў у інтэлектуальных гульнях, быў вядоўцам шмат якіх праектаў — «Гомель offline», курсаў «Мова Нанова», пэўны час узначальваў краязнаўчую арганізацыю «Талака» (цяпер зліквідаваная ўладамі. — РС).

«Калі мы рабілі праект „Гомель offline“, то Яўген паказаў сябе як таленавіты вядоўца. Напярэдадні аднаго сеансу здымак, запланаванага на некалькі гадзін, ён зламаў ключыцу. Яму было, вядома, балюча. Паводле нашага сцэнарнага плану ён мусіў усміхацца і быць такім рухавым вядоўцам. І ён не скасаваў здымкі, толькі ў перапынках, калі камера выключалася, дазваляў сабе пастагнаць. Гэта сведчыць пра ягоную трываласць і мужнасць», — расказаў Свабодзе калега журналіста Мікола Бенька.

4. «На пратэстах „недармаедаў“ стаў зоркай стрыму»

У 2017 годзе ў Беларусі ішлі пратэсты супраць «дармаедзкага» заканадаўства. Яўген з'явіўся ў кадры тэлеканалу «Белсат» як вядоўца стрыму і захапіў аўдыторыю.

«Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысяч чалавек, яго пазнавалі на вуліцах, гледачы пісалі, што хочуць толькі яго бачыць на стрымах як вядоўцу», — расказаў Мікола Бенька.

Яўген вёў стрымы не толькі ў Гомелі, але і з іншых гарадоў. Міліцыя палявала на яго, таму ён ездзіў у іншыя гарады паводле правілаў канспірацыі — мяняючы аўтамабілі, sim-карты і нават аблічча.

«Ён не бянтэжыўся ў экстрэмальных сітуацыях, інтэлігентна, але рашуча і з гумарам адшываў правакатараў, якія лезлі ў кадр, паводзіўся стрымана, годна, таму яго любілі гледачы», — кажа Мікола Бенька.

«Яго палюбілі гледачы, і гэта не засталося па-за ўвагай міліцыі. Яго хапалі, кідалі на „суткі“ па абсурдных абвінавачваннях. Напрыклад, нібыта ён ішоў па вуліцы — адзін — і сам сабе лаяўся матам. Яўген мужна пераносіў усе выпрабаванні», — кажа іншы калега журналіста.

5. Жонка рана памерла ад анкалогіі, маці — ад хваробы сэрца

У 2012 годзе Меркіс страціў жонку — гісторыка і краязнаўцу Наталлю Маркевіч. Яна доўга і пакутліва змагалася з анкалогіяй.

«Калі ездзіш у Бараўляны па крэдыт на жыццё. Калі даюць тры месяцы да наступнай праверкі. Гэткае заўжды трывожнае, але шчасце. Запомніў з тых часоў вельмі сапраўдную фразу: зараз цяжка, а будзе яшчэ цяжэй. Таму трэ выцягваць сябе самому. Літаральна часам як той Мюнхгаўзэн сябе з багны за валасы даставаў. Рацыянальна так. Бо а як па-іншаму? Трэ ставіць мэты і іх дасягаць», — разважаў журналіст у інтэрв'ю «Нашай ніве».

6. Ён сніў сны па-беларуску

Яўген пачаў размаўляць па-беларуску яшчэ ў школе, калі ўдзельнічаў у алімпіядах з гісторыі.

«Ён у школе слухаў „Народны альбом“, НРМ і „Краму“, чытаў Караткевіча. Потым трапіў у беларускамоўную плынь на гістфаку БДУ. Казаў, што тады пачаў сніць па-беларуску сны», — расказала Яўгенава калега.

Яўген меркаваў, што для папулярызацыі мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага. «Ён заклікаў быць на пазітыве, усміхацца, не чапляцца да людзей і не патрабаваць ад іх нечага», — кажа калега журналіста.

У 2017 годзе, калі ў Беларусі бушавалі пратэсты «недармаедаў», а Яўген вёў стрымы з розных гарадоў, у яго памерла маці ад хваробы сэрца. Засталіся тата-кардыолаг і брат з цяжкім захворваннем.

7. Марыў стаць мэрам Гомеля

Калега журналіста кажа, што Яўген марыў стаць мэрам Гомеля. Таксама і з гэтай прычыны не пакідаў Беларусь.

«Ён займаўся ўрбаністычнымі праектамі, да 2020 году вёў блог, у якога было дастаткова праглядаў. Праўда, пасля 2020-га асцерагаўся яго весці. Ён любіць Гомель, перажывае за яго, хоча, каб горад развіваўся. Яўген бараніў „драўляны Гомель“ ад чыноўнікаў, шмат рабіў для паляпшэння інфраструктуры», — успамінае яго калега.

«Гомель меў сапраўдны замак, хай і драўляны, абарончыя равы, перажыў шмат аблогаў і войнаў. Да XIII стагоддзя быў даволі паспяховым гарадком, але спалены мангола-татарамі. Менавіта тут знайшлі цэлую збройную майстэрню — унікальная знаходка для Ўсходняй Еўропы. Пры аблозе ў XVII стагоддзі ў абароне ад казацкай навалы гераічна ўдзельнічаў шатландзец капітан Г’ю Мантгомэры, а таксама венгерскія і нямецкія найміты, крымскія татары. І сёння гэтыя факты страшэнна здзіўляюць гомельцаў, якія прызвычаіліся, што гораду нібыта і не было да Румянцавых», — апавядаў Яўген у інтэрв'ю «Нашай ніве».

«Ён мае шмат мараў і планаў наконт развіцця Гомеля, паляпшэння інфраструктуры, захавання гістарычнай спадчыны. Спадзяюся, ён хутка выйдзе і здолее рэалізаваць сябе», — дадала калега журналіста.

«Ён на тры галавы вышэйшы за тых, хто яго пераследуе цяпер. Хай бы яны павучыліся ў Яўгена любові да Радзімы, роднай мовы. Хай цяпер гэта слабае суцяшэнне, але яны ствараюць Яўгену біяграфію на будучыню, бо ён сябе нічым не запляміў. Ён годна праходзіў і праходзіць усе выпрабаванні, якія выпалі яму ў прафесійнай дзейнасці і асабістым жыцці. Зычу яму, каб ён найхутчэй выйшаў на волю», — дадаў Мікола Бенька.

Чытайце яшчэ: 

Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?

Як малады камуніст вядзе філіял «Жоўтых зліваў» для моладзі і выкладае ў БДУІР

Кацярына Ваданосава: «Па выніку я магу сказаць, што я — супержанчына!»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!