НЕ - ВАЙНЕ!
458

Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт

23.09.2022 Крыніца: Алесь Мінаў, БАЖ

Ужо амаль два гады эфір польскага радыё Wnet.fm штодзень пачынаецца і завяршаецца беларускімі праграмамі. Пра беларускія эфіры, баланс паміж беларускай і польскай аўдыторыяй, тэмы культуры, вайны і эміграцыі БАЖ пагутарыла з пачынальніцай і галоўнай рэдактаркай беларускай службы радыё Ўнэт Вольгай Сямашка.

«Слухачы задаваліся пытаннем: чаму гучыць не польская мова»

— Распавядзіце пра ўзнікненне беларускай службы на радыё Ўнэт: як узнікла ідэя, якія мэты ставіліся?

— Мы — беларуская служба, якая ўзнікла на польскім прыватным радыё Wnet.fm, яно вяшчае як у інтэрнэце, так і на хвалях па ўсёй Польшчы.

Калі пачаліся падзеі 2020 года ў Беларусі, галоўны рэдактар нашага радыё вырашыў выступіць з такой ініцыятывай, каб даць магчымасць асвятляць беларускую тэму, даць голас беларусам.

Так і ўзнікла ідэя беларускай рэдакцыі, пачалі вяшчанне ўжо ў снежні 2020 года.

Эфір у нас на беларускай мове, вяшчаем тры гадзіны на дзень: з 6 да 7 раніцы па менскім часе (з 5 да 6 па польскім), увечары — начны эфір «Беларускія ночы» ад 00 да 2 ночы (на гадзіну раней па польскім часе). Ідэя — аб’ядноўваць беларусаў у асноўных цэнтрах эміграцыі, тады гэта былі Кіеў, Варшава і Вільня. 

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны кіеўская рэдакцыя эвакуявалася, ва Украіне застаўся ў нас адзін чалавек. У нас была студыя ў Кіеве, цяпер жа перайшлі на дыстанцыйную працу — тэхнічныя магчымасці гэта дазваляюць. У Варшаве ў нас таксама ёсць студыя, знаходзіцца на Кракаўскім прадмесці, дзе і галоўная студыя самога радыё. Туды кожны вечар па будніх днях запрашаем нашых гасцей.

У Вільні таксама студыя, якая працуе. Вяшчаем з розных месцаў. Калі гаворка ідзе пра Вільню, то там ёсць польскамоўнае радыё «З-над Віліі», якое вяшчае ў фм-дыяпазоне, таму нашы беларускія праграмы таксама ўначы выходзяць і ў Літве: можна пачуць не толькі ў інтэрнэце, але і праз прыёмнік. 

— Тобок беларускае вяшчанне ў агульнай сетцы: у яго час польскае прыпыняецца?

— Так, атрымліваецца, што мы раніцай фактычна пачынаем эфір беларускай праграмай «Світанак Свабоды», потым ідуць польскія праграмы, а ўвечары мы завяршаем вяшчальную сетку. Паколькі асноўная канцэпцыя нашага галоўнага радыё інфармацыйна-палітычная, то ў нас таксама канцэпцыя ў гэтай галіне: мы ўначы завяршаем інфармацыйную сетку менавіта беларускім падсумаваннем. 

— Як на гэта пагадзілася менавіта польская рэдакцыя, бо беларускі эфір можа быць і нецікавым, і, што істотна, незразумелым для польскай аўдыторыі? Ці атрымалася збалансаваць?

— Так, атрымалася. Не магу сказаць, што мы намагаліся разводзіць аўдыторыі, спачатку слухачы радыё Wnet.fm задаваліся пытаннем: чаму гучыць не польская мова. Потым у эфірах мы патлумачылі, што гэта голас беларусаў — пытанні адпалі. 
Ведаю, што многія слухачы польскага эфіру, таксама застаюцца на беларускі, бо наша мова даволі падобная да польскай — многае можна зразумець. 

Да таго ж, як пачалася вайна, у нас ідзе шмат інтэрв’ю і на ўкраінскай мове, іх мы даем без перакладу.

Безумоўна, тыя, хто размаўляе на расейскай, трапляюць у эфір без перакладу, палякі, што падтрымліваюць беларусаў, але не могуць нешта нам распавесці на беларускай ці расейскай мовах — гутараць з намі па-польску. Фактычна ў нашых эфірах можна пачуць чатыры мовы: беларускую, украінскую, польскую і расейскую. 

Каб было прасцей нашай рэдакцыі ўліцца ў польскамоўнае вяшчанне — ёсць эфір пра Беларусь на польскай мове пра палітыку, культуру Беларусі, штосераду распавядаем пра падтрымку Беларусі з боку палякаў. Напрыклад, на мінулым тыдні ў нас у гасцях быў Павел Латушка, ён каментаваў апошнія навіны, расказваў пра працу часовага ўраду, падводзілі вынікі працы за месяц. Вельмі шмат беларусаў, што зараз жывуць у Польшчы ды іншых краінах, могуць па-польску данесці беларускі парадак дня. 

Наша польская рэдакцыя штогод робіць падарожжы па гарадах вяшчання. Летась у нас была такая вандроўка па гарадах Польшчы. Мая мэта была — пазнаёміцца з беларусамі, якія жывуць у розных гарадах Польшчы. Гэта падарожжа было для мяне вельмі карысным — атрымалася пазнаёміцца не толькі з варшаўскай дыяспарай, але і з беларусамі з іншых мясцін. 

Я зразумела, што ёсць яшчэ над чым працаваць, бо людзі робяць проста файныя рэчы і часта нават не ведаюць адзін пра аднаго. Таму вельмі важна расказваць пра гэтыя ініцыятывы, знаёміць гэтых людзей, каб яны маглі сустрэцца, рабіць сумесныя праекты. 

Сёлета было падарожжа па краінах Балтыі. Таксама адбылося вельмі шмат цікавых сустрэч, гэта можна паслухаць у нашых эфірах. Таму, калі нехта плануе ці проста падарожнічаць, ці пераязджаць у краіны Балтыі, можна проста знайсці гэтыя праграмы, паслухаць парады, як абжыцца на новым месцы, што паглядзець. Бо часцяком можна і не знайсці многай інфармацыі.

«Для беларускай рэдакцыі матэрыялы рабіў Анджэй Пачобут»

— Апошнія гады, нават дзесяцігоддзі папулярнасць тэлебачання спадае. З радыё, здаецца, сітуацыя яшчэ горшая. Хто ваша аўдыторыя, ці адчуваецца спад?

— Зараз асноўная наша аўдыторыя — беларусы, якія жывуць за мяжой. Не магу сказаць, што мы паўнавартаснае радыё дыяспары, але мы вельмі імкнемся да гэтага, імкнемся пашыраць нашу дзейнасць на іншыя краіны, дзе жывуць беларусы. На пачатку мы яшчэ вяшчалі для тых, хто ў Беларусі, быў у нас там таксама карэспандэнт. Але з прычын бяспекі ўсе выехалі, у Беларусі цяпер нікога не засталося. 

Таксама нашым супрацоўнікам быў Анджэй Пачобут — рабіў матэрыялы для беларускай рэдакцыі. Зараз Анджэй у турме, і мы ўсе ведаем, што з ім адбываецца. 

Планавалі тады вялікі эфір 25 сакавіка, Анджэй мусіў быць у эфіры, але літаральна праз пяць хвілін мы даведаліся, што па яго прыйшлі і забралі.

Натуральна, з таго часу наша рэдакцыя прыкладае шмат намаганняў для таго, каб падтрымаць Анджэя і яго сям’ю, каб тэма беларускіх журналістаў у зняволенні не сыходзіла з польскага парадку дня. Думаю, што людзі, якія жывуць у Варшаве (паколькі офіс нашага радыё знаходзіцца ў самым цэнтры — каля каралеўскага замку) бачылі: доўгі час на нашым балкончыку вісеў плакат «Свабоду Анджэю Пачобуту», зараз ён вісіць на будынку Асацыяцыі журналістаў Польшчы.

Што тычыцца нашай аўдыторыі, беларусам, якія выехалі, трэба было абавязкова даць голас. Выехала безліч цікавых людзей, яны сутыкаліся з праблемамі: спачатку вырашалі пабытовыя пытанні, потым шукалі беларускі асяродак, гурткі па інтарэсах, стваралі бізнес, ініцыятывы — пра гэта цікава і важна распавядаць. Вось акурат пра такія асяродкі беларусаў у Кіеве, Варшаве і Вільні распавядалі мы. 

Падтрымліваем стасункі з арганізацыямі, што займаюцца дапамогай беларусам, выступаюць пляцоўкамі для сустрэч, распавядаем пра ініцыятывы. Усіх таленавітых беларусаў з ідэямі, прапановамі запрашаем у эфіры. Людзі дзеляцца сваімі гісторыямі, расказваюць, як яны ўладкаваліся, з якімі праблемамі сутыкнуліся. Потым нашы слухачы падказваюць, дзе і як можна праблемы вырашыць, дзе можна разам сустрэцца, пагуляць з дзецьмі. 

Паколькі мы ствараліся з нуля, давялося біцца за пазнавальнасць. Але ў 2020-м і 2021 годзе падобных сродкаў масавай інфармацыі не было — таму ў нас ужо ёсць свая аўдыторыя, якая з намі падчас вайны пераязджала з Кіева. Ёсць людзі, гатовыя заўсёды выступаць на нашай хвалі, дапамагаць. Сярод беларускай дыяспары ў трох вышэйназваных краінах пазнавальнасць нашага радыё вырасла.

«На сёння спадае цікаваць і да самой ваеннай тэмы»

— Зараз шматлікія радыё робяць свае навінавыя сайты, старонкі ў сацыяльных сетках, больш у тэкставым фармаце інфармацыі. Радыё ў «чыстым» фармаце цяжка знайсці. Гэта пэўны заняпад радыё ці проста змена фармату?

— Усе СМІ працуюць пад патрэбы сваёй аўдыторыі. Зараз такі час, калі людзям патрэбна тэрміновая інфармацыя. У канцы лютага, на пачатку вясны інфармацыя была патрэбна людзям у фармаце 24/7 — рэдакцыі прыстасаваліся. Зараз выключна інфармацыйны складнік адыходзіць, цяпер большы попыт на аналітыку.

У нас ранішні эфір — інфармацыйна-аналітычны, асвятляем асноўныя падзеі, дадаем каментары экспертаў. А вось вечаровы эфір у выглядзе гутарак з запрошанымі гасцямі, таксама гэта праграмы пра беларускую мову, музычныя. Наша новая ініцыятыва — канцэрты па пятніцах, прыходзяць музыкі. Калі канцэрты адбываюцца ў Варшаве, мы вядзем стрымы ў сацыяльных сетках. Гэта больш лёгкі фармат, але ж і сур’ёзныя тэмы таксама не здымаем. 

Пры стварэнні рэдакцыі адной з асноўных задач было даць працу беларускім журналістам, што былі вымушаныя з’ехаць з краіны, апынуліся фактычна без рэдакцый, без грошай. У нас працуюць выключна беларускія журналісты. І вяшчанне ў нас прынцыпова на беларускай мове.

— Вы падкрэслівалі сацыяльна-палітычны кірунак як асноўны. А ці ёсць месца культурніцкім тэмам?

— Так, безумоўна. Тым болей зараз безліч культурных ініцыятыў адбываецца ў замежжы, людзі з’язджаюць цэлымі тэатральнымі і творчымі калектывамі. Арганізуюцца і музычныя фестывалі, нашы творцы выступаюць у тэатрах і так далей. Пра ўсё гэта мы імкнемся распавесці. Два разы на тыдзень мы абавязкова закранаем гэтыя тэмы, запрашаем гасцей з культурніцкага асяродку. 


Таксама ў нас ёсць моўная праграма «Lingva Incognita» пра беларускую мову, ёсць праграма «Спадчына». Вельмі шмат робім на гістарычную тэму, праграмы прысвечаныя вядомым падзеям, расказваем пра нашых гістарычных постацей, у тым ліку і пра тое, як яны ўпісваюцца ў польскую, літоўскую, украінскую культуры. Варта зазначыць, што шмат спецыялістаў зараз у эміграцыі, яны могуць прадметна і прафесійна пра гэта распавесці.

— З пачаткам поўнамаштабнай вайны тэмы Беларусі, у прыватнасці, нашай культуры, мовы, пачалі адыходзіць на другі план. Ці няма ў вас адчування, што гэтыя тэмы сталі менш цікавымі гледачу? Ці на пачатку вайны і зараз сітуацыя розная?

— На сёння, па шчырасці, спадае цікаваць і да самой ваеннай тэмы. Зараз, калі прайшло больш за паўгады, за падзеямі на фронце не сочаць так актыўна, як гэта было ў першыя месяцы. Паколькі мы — беларуская рэдакцыя, то ваенную тэму імкнуліся таксама ўпісаць у беларускі кантэкст. Было вельмі шмат да нас запытаў адносна ўдзелу Беларусі ў вайне, аналізу падзей у краіне на гэтым фоне. Тэма была вельмі папулярнай. Потым, калі ўкраінцы пачалі масава ўцякаць у Еўропу, — тэмы арганізацыі ў той жа Літве ці Польшчы беларусаў, як аказвалася дапамога, практычныя парады. Шмат украінцаў да нас пісала, распавядалі свае гісторыі, задавалі дадатковыя пытанні. 

Тэма вайны кожны перыяд атрымлівае новыя формы, ніколі не ведаеш, што будзе слухачам цікава, але працуем пад запыт. Вельмі кранальная і папулярная тэма — пра нашых добраахвотнікаў ва Украіне: і з палка Каліноўскага, і пра тых беларусаў, што проста засталіся ва Украіне і дапамагаюць. Тлумачылі шмат украінцам, што не варта атаесамляць рэжым Лукашэнкі з беларусамі, якія былі вымушаныя выехаць і шукалі прытулак у той жа Украіне.

«Адчуванне, што ўсе віленскія таксісты ўжо ведаюць, калі чалавек з Беларусі, то ён — палітычны»

Журналістыка заўсёды мела істотную вагу ў грамадстве, а ў святле апошніх падзей, яна павязана з яшчэ большай небяспекай. Ва Украіне не так даўно праводзілася апытанне адносна прыбытку журналістаў. Мяне здзівіла, што больш за 60 адсоткаў рэспандэнтаў зазначылі, што ад пачатку вайны сталі зарабляць менш. А як бы вы ацанілі матэрыяльны стан беларускіх журналістаў, асабліва ўлічваючы той чыннік, што многім давялося тэрмінова пакінуць Беларусь з пытанняў бяспекі?

— Ацэньваючы тыя прапановы, якія зараз ёсць на рынку працы, я мяркую, што попыт на беларускіх журналістаў з боку рэдакцый ёсць. Я таксама атрымліваю і рэзюмэ, і запыты ад калег: хто каму патрэбны. Тобок працу знайсці зараз можна. 

Іншае пытанне — матывацыя журналісцкая. Другое пытанне, я лічу, больш звязана з псіхалагічным момантам — гэта выгаранне.

Калі людзі змянілі некалькі краін, калі ламаецца звыклы лад жыцця, то цяжка з гэтым спраўляцца і заставацца прадуктыўным. Калі ты яшчэ ў гэты час знаходзіўся ў Кіеве, на які ляцелі бомбы, у такі варунках, у якіх ніколі раней не быў — таксама вельмі цяжкі эмацыйны складнік. Гэта трэба перажыць, разабрацца з гэтым. Таму я ўдзячная, што зараз вельмі шмат для нашых калег, беларускіх журналістаў, праводзіцца розных праграм і курсаў для рэабілітацыі, каб яны справіліся менавіта з эмацыйным выгараннем. 

Наконт працы, я не думаю, што зараз беларускім журналістам вельмі цяжка яе знайсці. Калі яшчэ ёсць веданне замежных моў, то і попыт з боку замежных выданняў след улічваць, а ён, па маіх адчуваннях, досыць высокі.

— Вы таксама асабіста эвакуяваліся з Кіева?

— Не, я ў Кіеў з’ехала яшчэ ў верасні 2020 года. Але на той момант беларусам ва Украіне можна было знаходзіцца толькі тры месяцы без легалізацыі. Таму пасля мы выехалі ў Польшчу, а цяпер жывем у Літве. Таму я наўпрост на ўласныя вочы бачыла станаўленне беларускай дыяспары ва ўсіх гэтых краінах, ведаю асабіста многіх актыўных удзельнікаў самой дыяспары, таму з героямі праблем няма. 

— З пачатку вайны даходзілі звесткі пра пэўныя выпадкі дыскрымінацыі беларусаў ва Украіне ды ў Еўропе таксама. Часам ледзь не да фізічнага гвалту. Ці сутыкаліся вы з падобным, ці нехта з вашай каманды?

— Магу сказаць, што асабіста я не сутыкалася ўвогуле. Калі з’яўляліся ў Польшчы паведамленні пра праблемы з рахункамі і дакументамі, я ў гэты час падобных праблем не сустракала. У той жа момант бачыла сацыялагічныя даследванні, як да беларусаў ставяцца ў Польшчы, Літве, таксама чытаю пра такія выпадкі ў навінах. Гутару з людзьмі, якія асабіста дыскрымінацыі падвяргаліся — такія выпадкі сапраўды здараюцца. 

Што тычыцца нашай журналісцкай працы, то, калі робім матэрыялы пра тое, як беларусы падтрымліваюць Украіну, вельмі шмат каментароў прыходзіць з боку ўкраінцаў. Даводзіцца яшчэ раз тлумачыць сваю пазіцыю, дыпламатычна даводзіць яе людзям. Вельмі шмат людзей не разумеюць сітуацыю. 

Тут, у Літве, калі ты сядаеш у таксі і кажаш, што ты з Беларусі, то ўжо ніхто не пытае пра твой лёс: адчуванне, што ўсе віленскія таксісты ведаюць, што калі чалавек з Беларусі, то ён — палітычны. 

«Адразу пасля выбараў я звольнілася»

— А чым вы займаліся ў Беларусі да таго, як выехалі?

— У Беларусі я працавала ў дзяржаўным СМІ — на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Адразу пасля выбараў я звольнілася. 

— Калі казаць пра дзяржаўнае радыё прынамсі да пачатку рэвалюцыйных падзей, як яно выглядала, ці былі праграмы непрапагандысцкага толку, а сапраўды карысныя? 

— Паколькі гэта дзяржаўнае радыё, то не казаць пра прапаганду немагчыма. Усё ж такі была ў дзяржаве створана дзейная сістэма прапаганды, да якой адносіліся ўсе дзяржаўныя СМІ. Гэта трэба ўсведамляць і несці пэўную адказнасць за тое, што ты рабіў раней.

Так, сапраўды, я працавала, займалася там эканомікай, была эканамічным аглядальнікам, рабіла рэпартажы на адпаведныя тэмы. 

У 2020 годзе, нават яшчэ напярэдадні выбараў, стала зразумела, што я больш не хачу быць звязанай з гэтай сістэмай. Я была не адна такая — вельмі шмат калег звольнілася тады і з радыё, і з тэлебачання.

Калі гаворка пра дзяржрадыё, то я радая прынамсі таму, што доўгі час там захоўвалася беларуская мова, што вяшчанне па-беларуску было, быў хоць нейкі асяродак захавання мовы. 

— Пасля 2020 года сітуацыя ў дзяржСМІ змянілася кардынальна, не ў лепшы бок, вядома. Як вы разумееце матывацыю тых людзей, што засталіся там працаваць, адпаведна, у гэтым усім удзельнічаць?

— Як я ўжо адзначыла, вельмі шмат людзей сышло. Гэта людзі, хто не пагадзіўся з тым, што адбываецца. Як памятаеце, там былі і забастоўкі. Я ведаю многіх асабіста, шмат гадоў разам працавалі. Сапраўды, было шмат прафесіяналаў. 

Матывацыі тых, хто застаўся, я нават і не спрабавала высветліць, проста для сябе ўсвядоміла, што гэта іх выбар. І 2020 год, і падзеі ва Украіне 2022 года — гэта сапраўды час выбару. Адказнасць за іх выбар ляжыць на іх, я асабіста не хачу іх асуджаць, гэта іхняя адказнасць.

«Песімістычныя варыянты я наўпрост не разглядаю»

— Якія вы бачыце перспектывы развіцця беларускай службы радыё Ўнэт ці плануецца пэўны рост, новыя праграмы?

— Першапачаткова не думалі мы, што на такі доўгі час затрымаемся ў Польшчы ды ўвогуле за мяжой. Была агучана такая канцэпцыя, што мы збіраем журналістаў, якім давялося з’ехаць, даем магчымасць працаваць, збіраем таленты, а калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, то мы дружна нашай камандай паедзем на радзіму рабіць новае свабоднае радыё для Беларусі. 

Прайшло два гады, але я яшчэ ўсё цешу сябе надзеяй, што гэтая мара нарэшце здзейсніцца, і мы нашым калектывам здолеем перасекчы мяжу і рабіць сапраўды вольнае радыё ў сваёй краіне.

Каманда ў нас ёсць, усе ўмеюць працаваць, засталося толькі змяніць лакацыю, каб гэта было бяспечна для каманды, каб гэта было ўжо ў новай Беларусі. Такі аптымістычны варыянт.

Ёсць рэалістычны варыянт развіцця падзей: калі налета ў Беларусі нічога не зменіцца, мы застанемся ў цяперашнім фармаце.

Паколькі ўсё больш беларусаў з’язджае з краіны, мне хацелася б яшчэ адкрыць рэдакцыі ці знайсці карэспандэнтаў у іншых краінах з беларускім асяродкам. Напрыклад, у Грузіі, атрымліваць звесткі і адтуль: як жывуць, як уладкаваліся і што робяць беларусы. 

Ну а песімістычныя варыянты я наўпрост не разглядаю.

Чытайце яшчэ:

«Падчас практыкі давалі пісаць выключна пра заблукаўшых у лесе і тапельцаў»: з якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы-журналісты

"Гэта наш агульны еўрапейскі выклік". Беларускія праваабаронцы ўзялі ўдзел у акцыі салідарнасці з Украінай

Парламент Літвы забараніў прапагандысцкія беларускія тэле- і радыёпраграмы. Мінкульт абурыўся

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!